8 ноября 2024, пятница, 19:12
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Ігар Варашкевіч: Змены абавязкова адбудуцца

9
Ігар Варашкевіч: Змены абавязкова адбудуцца

Ужо некалькі год адзін з заснавальнікаў беларускай незалежнай рок-музыкі ходзіць на працу ў менскі рэстаран, дзе выконвае не свае песні.

Ігара Варашкевіча калісьці насілі на руках, а яго гурт «Крама» не без падстаў лічыўся адным з лепшых на постсавецкай прасторы.

Іх музыкай захапляліся Алена Свірыдава і Іна Афанасьева, кліпы ім здымаў Ягор Хрусталёў, канцэрты нязьменна праходзілі з аншлягамі.

І вось у пэўны момант Варашкевіч, а дакладней яго пазіцыя, сталі ўпоперак горла пільнуючым органам – яго сталі выціскаць адусюль. Ігар і сам не імкнуўся да паляпшэньня сытуацыі – пасьля 19 сьнежня 2010 году ён прыняў рашэньне не кантактаваць з дзяржаўнымі СМІ. Пасьля тых падзеяў, фактычна была прыпыненая праца над чарговым альбомам «Крамы». Але пры канцы 2012 году музыкі прадставілі ў сеціве адзін з новых трэкаў – «З новым годам», запісаны ў лепшых традыцыях блюз-року. І засьведчылі, што іх зарана спісваць з рахунку. У кожным слове Ігара чуецца горкая іронія і крыўда, і яго можна зразумець.

Інтэрв'ю з Ігарам Варашкевічам для сайта charter97.org запісаў Сяргей Будкін

- Хацелася б быць аптымістам. Але ўсё наша жыцьцё залежыць ад сытуацыі ў Расеі. А там хто прыйшоў на трон і што там робіцца? Як тут будзеш аптымістам. Не хачу, каб мае словы прымалі за крыўду, я проста кажу праўду наконт таго, што бачу. Хоць па жыцьці я – аптыміст. І бачу выйсьце для сябе ў тым, каб займацца ўлюбёнай справай – музыкай.

- Чаму тады так рэдка радуеце новымі творамі?

- Па-першае, таму што я не пішу тэкстаў, бо не паэт. А музыка ў мяне гатова ўжо да сотні кампазыцыяў. Аднойчы, праўда, пад уплывам ад таго, што ў нас у краіне адбываецца, напісаў упершыню ў жыцьці тэкст. Прачнуўся сярод ночы і запісаў словы. Такога са мной раней не было. Але песьню гэтую ніхто пакуль не пачуе, бо мяне за яе могуць проста закатаць у зямлю (усьміхаецца). Яе трэба істотна дарабляць, укладаць грошы ў запіс, але які ў гэтым сэнс, калі яна нідзе не прагучыць.

- Няхай на радыё вашу творчасьць не шануюць, але ёсьць інтэрнэт.

Можа людзі і спампуюць, але на канцэрт ня прыйдуць. Так паказвае практыка.

- Я ня ўмею выкарыстоўваюць сытуацыю на сваю карысьць. Ёсьць людзі, у якіх гэта ўдаецца, але не ў мяне. Пасьля сьнежня 2010 году я наогул не мог яшчэ доўга ў сябе прыйсьці і ўсё думаў, што гэта за вар’яцтва адбываецца. Таму і альбом кінулі пісаць, хоць з палова яго ўжо была гатова. А калі я нешта кідаю, то вярнуцца да гэтага вельмі цяжка.

- Калі да вас прыйшло разуменьне таго, што ўсё рушыць ня ў той бок?

- Мусіць на другі год кіраваньня Лукашэнкі. Тады акурат забаранілі кліп «Гомельскі вальс». «Крама» у той час зьбірала поўныя залі. Памятаю, як на канцэрце ў ДК прафсаюзаў не было ніводнага вольнага месца і шмат людзей проста засталіся на вуліцы. Сумныя думкі пераважылі ў сярэдзіне 2000-х, калі назіраць за тым, што адбываецца было ўжо зусім немагчыма. Тады я зразумеў, што вярнуцца да лепшага будзе надзвычай цяжка.

- Чаму «Крама» цяпер калі і дае канцэрты, то зьбірае значна менш людзей? І чаму пры ўсіх пэрспектывах яна так і не пайшла на Захадзе і ў Расеі, ці вы разважалі пра гэта?

- Часта думаў наконт гэтага. Сапраўды, на сёньня мы здольныя сабраць 300 чалавек у лепшым выпадку. Ад нас чамусьці чакаюць нечага новага ўвесь час, хоць калі, прыязджае, напрыклад, Deep Purple, то нікога не цікавіць іх новая творчасьць, усім трэба “Smoke on the water”.

Калісьці ў нас не атрымалася з Вялікабрытаніяй, хоць там быў інтарэс, і нават наш альбом на ангельскай мове быў выдадзены. Тады проста не пашанцавала, бо нам не далі візы, а матэрыял зь цягам часу састарэў. А ў Расеі беларускую мову не ўспрымаюць і ўспрымаць не гатовы. Рома Рабцаў з «Технологии» неяк да нас падыйшоў і кажа: «Какая классная у вас песня «Гей, там, наливай». А Бора Маісееў, які нібы лічыць сябе беларусам, кажуць, нядаўна заявіў: «Передайте привет моей спадчине», ня ведаючы, што «спадчына» і «бацькаўшчына» гэта не адно і тое ж. Так, там папулярны «Ляпіс Трубяцкой», але найперш любяць іх за расейскамоўныя песьні, беларускіх ня так ужо і шмат яны выконваюць.

Украінская мова, напрыклад, лепш кладзецца на вуха расейцам, яна ім больш зразумелая. На жаль, расейскі мэнталітэт перамог і ў нас, таму беларусы таксама не прымаюць беларускай мовы.

Да ўсяго «крамаўская» музыка пабудавана на амэрыканскіх канонах, таму яна немэлядычная, а славянскаму вуху патрэбна мэлёдыя. Але я працягваю пісаць такія песьні, якія я хачу.

- Што ці хто паўплываў на вас асабіста, акром рок-н-ролу, вядома ж?

- У маім жыцьці было тры Зьмітра, якія на мяне паўплывалі.

Першы – гэта настаўнік па беларускай мове Зьміцер Рыгоравіч Жук з Баранавічаў. Я ня быў выдатным вучнем, бо мяне цікавіла толькі рок-музыка, але менавіта на ўрок беларускай хадзіў зь вялікім задавальненьнем.

Другі – Зьміцер Лукашук, аўтар большасьці тэкстаў «Крамы», я зьвязаны зь ім, як з братам.

Трэці – Зьміцер Бандарэнка. На жаль, як ён выйшаў з турмы, то ня маю зь ім сувязі. А раней мы жылі побач, сябравалі моцна. Дапамагаў ён і мне асабіста, і «Краме» ў няпросты час. Памятаю пра ўсё гэта. Ня ведаю, наколькі гэта важна, але калі Зьміцер быў за кратамі, то штодня думаў пра яго.

- Ці паўплывала «Крама» на слухачоў і музыкаў, як вы самі лічаце?

- На беларускую музыку думаю, што N.R.M. больш паўплывала. А ўсьвядомленая творчасьць на плыні беларускіх тэкстаў пачалася ў першай палове 80-х з «Бонды», у якой я некалі сьпяваў, і «Мроі».  Мы не бралі вершы беларускіх савецкіх паэтаў, а пісалі самі. У «Бондзе» гэта рабіў Сяргей Кныш, у «Краме» – Зьміцер Лукашук. Не мая справа, ці лічыць за клясіку «Стэфку» і «Слуцкую браму» часоў «Бонды» (а гэта недзе 1985 год), але мы іх выконваем дагэтуль.

Добра, калі для кагосьці мы былі сьвятлом на доўгай цёмнай дарозе. Добра і тое, што цяперашнія музыкі працягваюць сьпяваць па-беларуску. Галоўнае, каб гэта было няштучна. Мне падабаецца, напрыклад, тое, што робяць IQ48, UltraВожык.

Бывае так, што чалавек прыходзіць да беларускай мовы, калі жыве за мяжой, як Алег «Джагер» Мінакоў, які мусіць засумаваўся па родным Барысаве і запісаў песьню па-беларуску.

- А тое, што робіць «Ляпіс Трубецкой» вам не да спадобы?

- З таго, што зрабіў Міхалок, мне падабаецца «Саша і Сірожа». І бадай што ўсё, бо мне ня верыцца ў шчырасьць таго, што робіць «Ляпіс», асабліва зараз. Магу памыляцца, вядома ж, і ўсё можа выглядаць інакш. Аднак, памятаю, што калі ўжо былі першыя забароны, калі мы хадзілі на мітынгі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, то «Ляпісы» спакойна гралі ў Палацы спорту і гэтую тэму абміналі…  

- Нядаўна вы заявілі, што ня хочаце ўдзельнічаць у палітычных справах. Чаму?

- Таму што не бачу сэнсу. Я – непрафэсыйны палітык, я – музыкант. І я не хачу выходзіць і крычаць нейкія лёзунгі проста таму, што людзі, якія прафэсыйна займаюцца палітыкай, хочуць, каб я выйшаў і крыкнуў. Ад пустога крыку нічога ня зьменіцца. У свае 52 гады я не страціў веры ў праўду і справядлівасьць, таму не кідаю ўлюбёнай справы. Інакш пайшоў бы ўжо даўно вуліцы месьці. Зьмены абавязкова адбудуцца. Пры нашым жыцьці.

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 9

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях