25 декабря 2024, среда, 9:40
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Анатоль Вап: Цэнтр беларускай культуры – гэта месца, дзе здзяйсняюцца нашы ідэі

Анатоль Вап: Цэнтр беларускай культуры – гэта месца, дзе здзяйсняюцца нашы ідэі
Анатоль Вап

Як выглядае беларуская прысутнасць на Падляшшы.

Адна з галоўных падзеяў гэтага году – адкрыццё Цэнтру беларускай культуры ў Беластоку. У студыі «Радыё Рацыя» прадстаўнікі Цэнтру – Анатоль Вап – дырэктар ЦБК і ягоная намесніца – Ілона Карпюк.

– Ідэя з’яўлення Цэнтру паўстала даўно. Як з’явілася гэтая ідэя? Важна падкрэсліць, што гэта дзяржаўная ўстанова, якая фінансуецца польскімі ўладамі.

– Так, фінансуецца Падляшскім ваяводствам. Ідэя Цэнтра паўстала яшчэ ў канцы 80-х гадоў, беларускае асяроддзе ў Польшчы ставіла гэтае пытанне адразу, як Польшча стала дэмакратычнай краінай. Пра гэта была размова ў 1992 годзе, падчас афіцыйнага візіту Станіслава Шушкевіча і Васіля Быкава – пра патрэбу стварэння ў Беластоку Цэнтра беларускай культуры. І мы цягам гэтых 30 гадоў падымалі пытанне, каб гэты Цэнтр паўстаў. І ў канцы 2023 года Сеймік Падляшскага ваяводства прыняў рашэнне пра стварэнне ЦБК у Беластоку.

– Наколькі гэта своечасова? Бо за гэтыя 30 гадоў шмат чаго адбылося, і калі мы кажам менавіта пра беларускую прысутнасць на Падляшшы ў выглядзе меншасці, не дыяспары, а карэнных жыхароў, то відавочна, што адбываюцца натуральныя працэсы асіміляцыі, і беларусаў аўтахтонаў тут стала менш.

– Але, відаць, каб захаваць тое, што нам засталося, і каб падтрымліваць тых людзей, якія з’яўляюцца носьбітамі беларускасці. Такі крок на фоне нашай краіны і на фоне Еўропы ўвогуле, думаю, зразумелы. І мы павінны ганарыцца, што маем такі Цэнтр, як фундамент далейшай працы. Ён вырас на глебе беларускіх карэнных жыхароў тут, але мы ўсё ж такі не можам закрыць вочы і не бачыць, што пасля 2020 года тут побач з намі жывуць таксама беларусы з Беларусі, то разам гэтая беларуская стыхія ўвогуле сур’ёзны партнёр для супольнай працы і развіцця культурных і грамадскіх аспектаў.

– У студзені будзе год дзейнасці ЦБК у Беластоку. Ён, напэўна, не быў простым. Але з таго, што мы назіраем, вельмі актыўным і насычаным.

– Так, вельмі насычаным і вельмі многа выклікаў было. Бо адначасова ішоў працэс арганізацыі Цэнтра і развіццё культурнай дзейнасці. І гэта было складана зрабіць, напрыклад, Дзень Волі. У нас было чатыры асобы. Гэта для нас быў вельмі вялікі выклік. Але далі рады. З’явіліся новыя людзі і думаю, што замыкаем год вельмі эфектыўна, вельмі добра. Арганізавалі многа мерапрыемстваў, самыя важныя нашыя дзеянні ў падтрымку беларускай мовы. І думаю, што наступны год павінен быць лягчэйшы. Арганізацыйная праца ў асноўным зроблена.

– Калі б у вас спыталі, ЦБК у Беластоку – што гэта?

– Гэта ідэя і людзі, якія стаяць за гэтай ідэяй. І тое, чым людзі жывуць. І самае важнае, каб людзі бачылі ў гэтым будучыню.

– Ужо пачалося планаванне вашай дзейнасці на 2025 год. Можа раскрыеце нейкія пункты, на якія варта звярнуць увагу?

– Будзе Дзень роднай мовы. Будзе Дзень Волі.

– Дадам, што за два дні да Дня Волі будзем адзначаць стагоддзе з дня народзінаў Віктара Шведа. Гэта таксама для нас вельмі важны момант.

– Але гэта будзе ў рамках святкавання Дня Волі. Будуць розныя мерапрыемствы ў школах, дзе вядзецца навучанне на беларускай мове, будуць новыя кніжкі. Хацелі б зрабіць выставу і паказаць нашу калекцыю Беларускага архіву, які сабралі. Гэта ідэя, якая нарадзілася яшчэ ў 80-я гады ў Беларускім аб’яднанні студэнтаў.

І да папярэдняга пытання хачу дадаць, што Цэнтр – гэта месца, дзе здзяйсняюцца нашыя ідэі.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях