Анджэй Пачобут 50 месяцаў знаходзіцца за кратамі
- 28.05.2025, 2:02
- 1,178

У Беластоку 26 траўня прайшла чарговая акцыя салідарнасці з палiтвязнем.
50 месяцаў знаходзіцца за кратамі журналіст, актывіст Саюза палякаў на Беларусі Анджэй Пачобут. Каля помніка ксяндзу Ежы Папялушку ў Беластоку 26 траўня прайшла чарговая акцыя салідарнасці з Анджэем і з тысячамі палітычных вязняў у Беларусі, паведамляе «Радыё Рацыя».
Гавораць удзельнікі акцыі:
– Няма добрых навінаў ад Анджэя – і надалей Наваполацк, карная калонія, чорныя адзіночныя камеры амаль цэлы тэрмін яго пакарання. Пяты год Анджэй знаходзіцца ў няволі, але не толькі ён. У Беларусі больш за 1200 палітычных зняволеных знаходзяцца за кратамі.
– Мусім хадзіць на такія акцыі, мусім памятаць пра сваіх герояў, якія загінулі за вольнасць Беларусі. Нядаўна была гадавіна, як забілі Вітольда, майго сябра, паплечніка, майго земляка, добрага, цудоўнага чалавека
Анджэй Пачобут быў арыштаваны ў Гародні 25 сакавіка 2021 года. У лютым 2023 года ён быў засуджаны да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Зараз знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу наваполацкай калоніі.